У свеце вельмі шмат моў, але толькі адна з іх родная. Менавіта яна для кожнага чалавека самая любімая і дарагая. Штогод 21 лютага ў Міжнародны дзень роднай мовы людзі прызнаюцца ў любові да матчынага слова. У аддзеле абслугоўвання дзяцей ГЦБ імя А. Макаёнка на працягу тыдня напярэдадні даты маленькія і дарослыя карыстальнікі бібліятэкі прымалі ўдзел у стварэнні воблака слоў «Маё любімае слова па-беларуску». На блакітных васільках пісаліся самыя любімыя, родныя з дзяцінства словы: матуля, тата, каханне, сонейка, рамонак, асалода, бусел, цукеркі, жыта…
Пазнавальную гадзіну «Гучы, родная мова!» правялі ў гэты дзень у бібліятэцы №4 для выхаванцаў дзіцячага садка №52. Пра гісторыю беларускай мовы, яе прыгажосць і самабытнасць расказалі супрацоўнікі бібліятэкі. Дзеці змаглі параўнаць гучанне калыханкі песні на рускай і беларускай мовах, паслухалі казку «Зайкава хатка», а мультфільм «Піліпка» падарыў шмат станоўчых эмоцый.
А супрацоўнікі бібліятэкі № 8 наведалі дзіцячы сад № 67 і правялі для выхаванцаў групы № 11 гучныя чытанні «Беларуская казка – розуму падказка». З аповеду бібліятэкара дзеці даведаліся аб разнастайнасці моў, якія існуюць у свеце. Таксама дзеці паразважалі пра ролю роднай мовы ў жыцці чалавека. Хлопчыкам і дзяўчынкам былі прачытаныя беларускія народныя казкі «Як кот звяроў напалохаў» і «Лісіца-хітрыца».
Гадзіну інфармацыі «Мая мова – беларуская» правялі ў бібліятэцы № 5 для навучэнцаў 6 «Б» класа сярэдняй школы № 18. З дапамогай мультымедыйнай прэзентацыі школьнікі даведаліся цікавыя факты аб беларускай мове. Адгадвалі па радках з вершаў якому беларускаму пісьменніку яны належаць. Вучыліся прамаўляць скорагаворкі, такія як «Шчучынскі шчупак шчыра шанаваў шаркоўшчынскую шчупачыху». Напрыканцы была разыграна паштоўка Гарадзенскай мастачкі Таццяны Колас з творчага праекта #жывыяпаштовкі.
У Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэцы імя А. Макаёнка правялі ў гэты дзень інфармацыйную гадзіну «Мая родная мова – беларуская». Навучэнцы 4 «А» класа сярэдняй школы №6 пазнаёміліся з лепшымі творамі класікаў і сучасных аўтараў беларускай літаратуры, успомнілі беларускія прыказкі і прымаўкі, загадкі і анекдоты. А бібліятэкар правяла для чацвёртакласнікаў віктарыну «Каб Бацькоўская мова непаўторнаю кветкай цвіла», падчас якой яны падзяліліся ведамі пра беларускі фальклор, паспрабавалі сябе ў ролі перакладчыкаў і рэдактараў, прачыталі вершы на роднай мове. А яшчэ ў акаўнце бібліятэкі ў Instagram можна праверыць сябе на веданне беларускай мовы, адказаўшы на пытанні віктарыны ў сторыс.
У бібліятэку № 10 на ўрок роднай мовы «З любоўю да роднай мовы» прыйшлі дзеці з прышкольнага лагера сярэдняй школы № 26 і вучні 3 «В» класа гімназіі №9. Супрацоўнікі бібліятэкі пазнаёмілі дзяцей з гістарычнымі фактамі станаўлення беларускай мовы, а таксама з гісторыяй самага дня роднай мовы. Праверылі веды беларускай мовы і яе самабытных слоў пры дапамозе віктарыны «Прыказкі роднага краю», папрацавалі і перакладчыкамі, і мовазнаўцамі, і рэдактарамі. У канцы ўрока прагледзелі відэаролікі праекта #годнаероднае «Беларуская мова» і «Смак роднай мовы».
У бібліятэку № 2 прыйшлі навучэнцы 1-2-х класаў сярэдняй школы № 5, дзе для іх правялі пазнавальную гадзіну «Родная мова – мудрасці крыніца». Бібліятэкары расказалі аб развіцці беларускай мовы, аб тым, як яна узбагачалася і ўдасканальвалася, аб гісторыі ўзнікнення прыказак і іх значэнні. Дзеці даведаліся аб жыцці і дзейнасці вядомых мовазнаўцаў, паслухалі вершы беларускіх паэтаў. Адказалі на пытанні віктарыны «Старонкі з моўнай скарбонкі» і ўставілі прапушчаныя літары ў прапанаваныя словы.
У бібліятэцы № 9 прайшоў урок роднай мовы «З любоўю да роднага слова» з вучнямі 4 «В» класа сярэдняй школы № 7. У ходзе ўрока дзеці пагаварылі аб разнастайнасці моў у свеце, аб прычыне знікнення паловы з іх, аб неабходнасці захавання знікаючых. Каб паспяхова карыстацца роднай мовай у вуснай і пісьмовай мовай хлопчыкі і дзяўчынкі паўдзельнічалі ў конкурсах «Прыказкі і прымаўкі», «Як ты ведаеш лексіку?»,«Рэбусы для эрудытаў»,«Перакладчык»,«Правяраем правапіс». У канцы мерапрыемства дзеці паглядзелі відэаролік «Цікавыя факты аб беларускай мове».
У бібліятэцы № 7 пабывалі навучэнцы 4 «Д» класа сярэдняй школы №7 на ўроку роднай мовы «З любоўю да роднага слова!». Школьнікі пазнаёміліся з гісторыяй каляндарнай даты, адкрылі для сябе кнігу «Атлас моў свету, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення». Гульні «Хвілінка эрудытаў», «Кемлівасць і знаходлівасць», «Наадварот» і іншыя дапамаглі праверыць веды вучняў. Знаёмства з творчасцю беларускіх пісьменнікаў і паэтаў нагадала, наколькі меладычна і прыгожа гучыць беларуская мова.