27 красавіка ў дзіцячай бібліятэцы №5 адбылася сустрэча з ганаровымі членамі Саюза пісьменнікаў Беларусі Віктарам Сямёнавічам Кудлачовым і Ірынай Васільеўнай Фамянковай, на якой пабывалі навучэнцы 4 класаў гімназіі №6. Бібліятэкары далі кароткую біяграфічную інфармацыю пра пісьменнікаў, пазнаёмілі школьнікаў з выставай іх твораў, якія ёсць у фондзе. Далей прывітальнае слова сказала Ірына Васільеўна, а Віктар Сямёнавіч прачытаў вершы «Трэба часцей усміхацца», «Радасць», наладжваючы рабят на мажорны настрой.
Ірына Фамянкова распавяла пра дзяцінства паэта, яго карані, пра малую радзіму, Віктар Кудлачоў у тэму прачытаў верш «Пра радзіму». Была закранута тэма Вялікай Айчыннай вайны, след, што пакінула яна ў жыцці многіх аднагодкаў паэта. Менавіта ваенныя дзеянні забралі ў яго зрок. Апавяданне «Сонца згасла», якое зачытала Ірына Васільеўна, якраз пра гэты трагічны выпадак. Тэме вайны прысвечаны яго зборнік кароткіх апавяданняў «Вайна вачыма дзіцяці». Віктар Сямёнавіч вучыўся ў школе-інтэрнаце для сляпых у Гродне, на той час гэта была адзіная ўстанова такога роду на ўсю Беларусь. Тут ён навучыўся чытаць па Брайлю, гуляць на баяне. Адной з першых кніг па Брайлю, якая зрабіла на будучага паэта незгладжальнае ўражанне, стаў «Сляпы музыкант» Уладзіміра Караленка. Можа, таму Кудлачоў паступіў у гродзенскае музычна-педагагічнае вучылішча, дзе потым выкладаў.
Закранулі пісьменнікі тэму пра тое, як пісаць вершы. Віктар Сямёнавіч падзяліўся сваім галоўным сакрэтам добрага верша: той верш добры, пад які можна танцаваць. Таму ён піша свае вершы ў такт, адбівае нагой рытм, пастуквае, каб была музычнасць. «Хай адляжыцца» – наступнае правіла Віктара Кудлачова пры напісанні вершаў. Адкуль бяруцца тэмы для напісання паэтычных вершаў «Чапа», «Жуля». На сустрэчы пісьменнікі распавялі пра новую кнігу В. С. Кудлачова «Так бывае ці не?» , з яе прагучалі загадкі, кароткія вершы. Ірына Васільеўна распавяла аб дакументальнай аповесці пра жыццё і творчасць Віктара Сямёнавіча Кудлачова «Натхнення прамень». Навучэнцам пашанцавала, таму што яны сталі першымі слухачамі дзіцячых вершаў Ірыны Фамянковай. Рыфмаваныя радкі знайшлі жывы водгук у гімназістаў. Напрыканцы мерапрыемства навучэнцы прачыталі вершы паэта, задалі пытанні і наладзілі аўтограф-сесію.