Гродназнаўства

Гродна - горад цэркваў і касцёлаў, старых замкаў і палацаў каралёў. Старажытная гісторыя Гродна пачыналася з Замкавай гары. На высокім пагорку, у вусце рэк Нёмана і Гараднічанкі ў Х–ХІ стагоддзях было закладзена ўмацаванае паселішча. У 1127 горад упершыню згадваецца ў пісьмовых крыніцах. Гісторыя адвяла гэтаму гораду незвычайнае месца ў вырашэнні лёсаў найбуйнейшых еўрапейскіх дзяржаў. У XIII стагоддзі тут пачыналася Вялікае княства Літоўскае. У канцы XVIII стагоддзя ў гродзенскім Новым замку зведала другі раздзел, а пазней спыніла сваё існаванне некалі магутная Рэч Паспалітая.

У Гродна можна падняцца на Замкавую гару, з якой добра відаць быў стары горад, наведаць найстарэйшую царкву Беларусі - Барыса-Глебскую або Каложскую (XII стагоддзе), Фарны касцёл, у якім па статусе службу можа весці сам Папа Рымскі. Побач з каталіцкімі касцёламі і праваслаўнымі цэрквамі – лютаранская кірха і яўрэйская сінагога. Прыемна прайсці вулачкамі старога горада, па якіх некалі гулялі Стэфан Баторый і Станіслаў Панятоўскі, Антоній Тызенгаўз і Жан Жылібер, Чэслаў Неман і Эліза Ажэшка, Максім Багдановіч і Аляксей Карпюк, Васіль Быкаў і Барыс Клейн...

Каб больш даведацца пра горад і гараджан, у цэнтральнай бібліятэцы імя А. Макаёнка створана і папаўняецца краязнаўчая электронная бібліятэка (КЭБ) "Гродна - інфармацыя для ўсіх". Гэта сховішча электронных дакументаў розных фарматаў, якія маюць дачыненне да горада Гродна (Беларусь). Гэта інфармацыйна-пошукавая сістэма з праграмным забеспячэннем "Сістэма кіравання рэпазіторыем лічбавых рэсурсаў з механізмам індэксацыі і Web-дадатак для карыстальніка рэпазіторыя". Гэта інфармацыйны рэсурс з наяўнасцю фактаграфічнага, бібліяграфічнага, графічнага, гукавога, поўнатэкставага матэрыялу і магчымасцю дакладнага пошуку ў ім. Тут можна атрымаць інфармацыю пра пісьменніка, мастака, музыканта, дзеяча культуры, мастацтва, навукоўца, спартоўца ці ветэрана вайны, якія нарадзіліся ці жывуць (-лі) у горадзе Гродна, знайсці дакументы па гісторыі, экалогіі, архітэктуры, навуцы, прамысловасці, культуры і мастацтве горада Гродна, пра помнікі гісторыка-культурнай спадчыны і інш.

КЭБ арганізавана з улікам патрабаванняў Закона Рэспублікі Беларусь “Аб аўтарскім праве і сумежных правах” (Арт.36 і 37). Выданні пэўных аўтараў знаходзяцца ў электроннай бібліятэцы з іх ведама і дазволу. Дакуметы, фотаздымкі, відэасюжэты, рукапісы, публікацыі перададзены для ЭБ аўтарамі ці членамі іх сямей з асабістых архіваў. Выкарыстаныя тэксты артыкулаў з часопісаў, газет, зборнікаў маюць бібліяграфічныя апісанні першакрыніц публікацыі. Многія матэрыялы падрыхтаваны бібліятэкарамі. КЭБ прадстаўлена на сайце Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы г. Гродна і даступная для карыстальніка па адрасе: http://86.57.162.94:8088.

Для зацікаўленых гродназнаўствам карыстальнікаў у 2017 годзе былі распрацаваны інфармацыйныя рэсурсы ўласнай генерацыі "Ганаровыя грамадзяне горада Гродна", "Кніга славы горада Гродна", у 2014-2015 гадах былі створаны электронныя музеі жыцця і творчасці Ларысы Ляшэнкі, Яўгена Петрашэвіча, Уладзіміра Церабуна, у 2019 годзе створаны інфармацыйны рэсурс «Манументальная памяць г.Гродна» (помнікі, марыяльныя дошкі і знакі), а ў 2020 – электронны музей жыцця і творчасці Аляксея Карпюка.

Усе гродназнаўчыя інфармацыйныя рэсурсы ўласнай генерацыі былі адзначаны дыпломамі пераможцаў і заахвочвальнымі прызамі рэспубліканскіх конкурсаў. Калектыў атрымаў заахвочвальныя прызы рэспубліканскага конкурсу "Бібліятэка - асяродак нацыянальнай культуры» за генерацыю краязнаўчай электроннай бібліятэкі "Гродна - інфармацыя для ўсіх" у намінацыі «Навацыі ў бібліятэчнай справе» (2015), за генерацыю баз дадзеных "Ганаровыя грамадзяне горада Гродна" і "Кніга славы горада Гродна" у намінацыі «Пошукавая і даследчая дзейнасць»(2018). За пошукавую і даследчую дзейнасць Дыплом I ступені Рэспубліканскага конкурсу "Бібліятэка - асяродак нацыянальнай культуры» атрымаў інфармацыйны рэсурс «Манументальная памяць горада Гродна" (2020), Дыплом III ступенi – электронны музей жыцця і творчасці пісьменніка і грамадскага дзеяча Аляксея Карпюка (2021). Спецыяльны дыплом за лепшую працу ў намінацыі калектыўных праектаў атрымаў праект "Ганаровыя і слаўныя грамадзяне горада Гродна" як пераможца рэспубліканскага конкурсу "Славутыя імёны малой Радзімы" (2019 год, заснавальнікі конкурсу - Беларускі фонд культуры, газета «Звязда», «Краязнаўчая газета»).

 
 

Дадатковая інфармацыя